Белорусский Государственный Университет  Информатики и Радиоэлектроники
БГУИР
BSUIR

4 учебная неделя

Новости

Общество
21.08.2023

"Сюды хочацца вяртацца!": БДУІРаўцы працуюць у НДЦ "Зубраня"

18 жніўня актывісты Студсавета і БРСМ БДУІР, разам з кіраўнікамі, наведалі Нацыянальны дзіцячы цэнтр "Зубраня" для правядзення беларуска-сірыйскага турніру па інфарматыцы, а таксама маніторынгу дзейнасці байцоў студатрада "Дзьмухавец" імя Героя Савецкага Саюза І.І. Гусоўскага, які працуе ў цэнтры.

Заданні для турніру, які адбыўся паміж беларускай і сірыйскай камандамі хлопчыкаў і дзяўчынак, нашы студэнты падрыхтавалі самі. Тэматыка гульні ахоплівала не толькі інфарматыку і праграмаванне, але і актуальныя пытанні па інфармацыйнай бяспецы ў сетцы. Па выніках турніру каманды набралі аднолькавую колькасць балаў і скончылі гульню нічыёй.

Пакуль актывісты ладзяць турнір, у байцоў студатрада самы распал працоўнага дня. Атраду "Дзьмуховец" з шасці чалавек няма часу сумаваць, бо працы ў летні перыяд у цэнтры шмат. БДУІРаўцы працуюць на пасадах афіцыянтаў у сталовай, прыбіральшчыкаў у жылых карпусах і не толькі.

Камандзір атрада Вольга Сямернік распавядае, што ўжо другі раз запар прыехала працаваць у цэнтры. Дзяўчына выконвае абавязкі прыбіральшчыка памяшканняў у корпусе "Вясёлкавы", і дзеліцца, што была б рада вярнуцца сюды зноў: "Паміж усімі прапанаванымі арганізацыямі для працы ў студатрадзе, я б заўсёды рэкамендавала выбіраць "Зубраня". Нягледзячы на тое, што работы шмат і ты часам вельмі стамляешся, тут пануе свая невымоўная атмасфера, якая адчуваецца, нават калі ты не адпачываанец у лагеры. Умовы пражывання і працы вельмі добрыя, таму я адчуваю сябе камфортна".

Удзельніку студатрада Марыне Собаль дасталася цяжкая, але цікавая праца. Дзяўчына ўпершыню паспрабавала сябе ў якасці работніка пральні. Калегі хваляць Марыну за працавітасць і стараннасць, а дзяўчына, у сваю чаргу, распавядае, што калектыў ёй вельмі падабаецца: "Універсітэт прапаноўваў розныя віды працы на лета, але я абрала менавіта лагер, таму што ён размешчаны ў маляўнічым месцы на тэрыторыі Нарачанскага нацыянальнага парку. Працоўны дзень заканчваецца ў 17 гадзін, а далей ты вольны гуляць, дыхаць свежым паветрам і атрымліваць асалоду ад мясцовых краявідаў".

Працай атрада задаволеныя не толькі самі дзяўчаты, але і іх непасрэднае кіраўніцтва. Намеснік дырэктара па адміністрацыйна-гаспадарчай частцы НДЦ "Зубраня" Таццяна Мілаш адгукаецца аб атрадзе, як аб добрасумленных і выканаўчых байцах: "Гэта ўжо не маленькія дзеці, а дарослыя і самастойныя супрацоўнікі, таму да задач сваіх падыходзяць адказна і з розумам. Усю даручаную працу выконваюць якасна, а мы, у сваю чаргу, аказваем ім усялякую падтрымку ў гэтым".

Атрад будзе працаваць у НДЦ "Зубраня" да канца жніўня. Такая фізічная праца - выдатны спосаб інтэлектуальнага адпачынку перад вучобай.


Падрыхтавана прэсс-службай
Фота Максіма Максака

Назад