Белорусский Государственный Университет  Информатики и Радиоэлектроники
БГУИР
BSUIR

4 учебная неделя

Новости

Общество
21.02.2019

Дзень роднай мовы адзначылі ў БДУІР

21 лютага ў БДУІР адзначылі Дзень роднай мовы. Са студэнтамі сустрэўся акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Раман Падаляка.

Святкаванне Дня роднай мовы адзначаецца ва ўсім свеце з 2000 года і падкрэслівае значнасць захоўвання культурнага і моўнага багацця. Універсітэт штогод падтрымлівае гэтую традыцыю рознымі актыўнасцямі.

"Гэтым разам вырашылі, што Дзень роднай мовы ў кампаніі акцёра тэтра імя Янкі Купалы - добрая нагода, каб паразмаўляць на мове, пра мову і яе месца ў жыцці кожнага чалавека", - адзначыла арганізатар сустрэчы, намеснік дэкана ФІК па інфармацыйнай, ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце Таццяна Печань.

У 2002 годзе Раман Падаляка скончыў тэатральны факультэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і з таго часу працуе ў Купалаўскім тэатры. Зараз яго можна ўбачыць на сцэне ў ролі Васіля з "Людзей на балоце" Івана Мележа, графа з "Пана Тадэвуша" паводле Адама Міцкевіча, Ігната з "Дзвюх душ" Максіма Гарэцкага і інш.

"Чым больш моваў ты ведаеш, тым больш багатым чалавекам можна сябе лічыць, - адзначыў на пачатку сустрэчы Раман. - Веданне моваў узбагачае чалавека, таму не саромейцеся, калі ласка, беларускай мовы, таму што гэта наша родная мова, гэта вельмі класны культурны пласт".

Акцёр прызнаецца, што ў штодзённым жыцці ва ўмовах білінгвізму даводзіцца размаўляць па-рознаму. Любоў да роднай мовы ён параўнаў з такім прыемным адчуваннем, як вяртанне дадому.

На сустрэчы студэнты змаглі абмяняцца меркаваннямі, падзяліцца ўражаннямі і задаць пытанні. Напрыклад, моладзь цікавіла, чаму ў спектаклі Translations Раман размаўляе на рускай мове, а ўсе астатнія гавораць па-беларуску. Акцёр раскрыў сакрэт - каб папросту адрознівацца, але ў гэтым і была складанасць, таму што да таго ўсе яго ролі былі на мове.

Акрамя акцёрскай кар'еры Раман Падаляка паставіў спектакль па дзенніку Андруся Горвата "Радзіва «Прудок»", які можна ўбачыць на камернай сцэне Купалаўскага тэатра. Дарэчы, у сакавіку на яго ўжо не трапіш - квіткі раскупілі адразу ж пасля іх з'яўлення ў продажы.

Напрыканцы сустрэчы Раман падараваў студэнтцы ФІК Наталлі Матус запрашальнік на дзве асобы на сваю пастаноўку, яе пытанні падаліся яму найбольш цікавымі. А ўсе астатнія ўдзельнікі імпрэзы атрымалі квіткі на спектакль "Чайка" і ручкі з лагатыпам тэатра.

Раман Падаляка
ФІК

Падрыхтавана прэс-службай БДУІР
Фота: Дзмітрый Жэўлакоў

Назад