Новости

Образование
27.12.2023

Конкурс творчых прац студэнтаў першага курса прайшоў у БДУІР

У БДУІР падвялі вынікі традыцыйнага конкурсу творчых работ на беларускай мове сярод першакурснікаў.

Мерапрыемства штогод арганізуецца кафедрай агульнаадукацыйных дысцыплін пры дапамозе ППА студэнтаў БДУІР.

З 15 лістапада па 6 снежня ў студэнтаў першага курса, якія вывучаюць дысцыпліну "Беларуская мова. Прафесійная лексіка", была магчымасць прадставіць на конкурс празаічнае эсэ, апавяданне ці паэтычны твор на любую з дзесяці прапанаваных тэм. Журы ацэньвалі работы па наступных крытэрах: арыгінальнасць тэксту, мастацкі падыход, граматнасць, вобразнасць, творчы падыход да праблематыкі.

Па выніках конкурсу былі вызначаны пераможцы:

Дыпломамі за трэцяе месца ўзнагародзілі Ягора Елінеўскага, Кірыла Каханоўскага, Рыгора Зарэцкага, Аляксея Самсончыка, Кірыла Чаплінскага, Алену Яваровіч, Елізавету Дзмітрыевіч, Данііла Пракаповіча;

Другое месца занялі Алексей Мічэйка, Андрэй Шапялевіч, Арцём Штоў, Данііл Анташэнка, Міхаіл Рапацэвіч, Марына Тарасенка, Марыя Казлоўская, Вікторыя Палякова, Вікторыя Закрэўская;

Першым месцам былі ацэнены працы Яна Сякацкага, Яўгеня Нікіценка, Ягора Белана, Яраслава Голуба, Аляксея Струнца, Марыі Саковіч, Марыі Валынец, Яны Румянцавай і Данііла Асіпёнка.

Удзельнікаў і пераможцаў узнагароджваў дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафесійнай арыентацыі Васіль Бандарык.

Шмат глыбокіх і няпростых тэм узнімалі студэнты ў сваіх працах. Пераможца Марыя Ісаковіч напісала такія важныя словы ў сваім вершы на тэму «Мая радзіма там, дзе мой народ»:


Мая радзіма там, дзе мой народ,
Дзе карані паміж сабой спляліся.
Адзін адному дапамог,
З няласкай сцежкі разышліся.

Мая радзіма там, дзе талентаў крыніца.
Імкнуцца людзі лепшымі тут стаць.
І могуць шчасцем падзяліцца,
І ўсё, што маюць, іншаму аддаць.

Мая радзіма - гэта крэпасць.
І тое месца, дзе ўтульна і цяпло.
Пакуль я тут, мне сонейка-краіна
Шлях для жыцця пракладвае святлом.

Мая радзіма ёсць падмурак,
Трывалы мост да шчасця і любві.
Не страцце калі ласка дзеля міру,
Свету без жаху, болю і вайны.

У чым жа прыгажосць майго народа?
Адказ упэўнена і хутка вам я дам.
Я беларуска, тым я ганаруся.
За Беларусь усё да кропелькі аддам.

Тут людзі бачаць прыгажосць у простым,
У сонцы, зорах, у шуме ручайкоў.
Дапамагаюць нават самым злосным
Знайсці сябе, свой шлях, свой дом.

Добразычлівасць - рыса нашага народа,
За плённай працай моц яго стаіць.
А міласэрнасці, любві і ласкі карагоду
Гатовыя ўвесь свой час мы падарыць

І мова родная заўсёды
Дапамагае згуртаваць народ.
Паказвае, як не блукаць ніколі
Паміж чужых і сваякоў.

Яна ліецца з вуснаў маці,
Яна парное малако.
Яна адметнасць нашай нацыі,
Вышэйшы сродак сувязі вякоў.

Дык дзе ўсё ж такі радзіма?
Радзіма там, дзе мой народ.
Я частка цэлага, адзінага,
І гэта буду паўтараць штогод.




Падрыхтавана прэс-службай
Фота Андрэя Сіняўскага

Назад