Новости

20.04.2023

У бібліятэцы БДУІР прайшлі «Павольныя чытанні»

18 красавіка пад знакам Вялікадня зала перыядычных выданняў бібліятэкі сабрала супрацоўнікаў і студэнтаў розных факультэтаў на чарговы літаратурны вечар.

Гэтым разам чыталі «Шляхціца Завальню» - зборнік фантастычных апавяданняў з жыцця беларускай глыбінкі, напісаны ў 1844-1846 гадах пісьменнікам, выдаўцом і паэтам Янам Баршчэўскім.

Па словах вядучага чытанняў бібліятэкара Юрыя Максіменкі, мала хто з нашых сучаснікаў добра ведае міфалогію беларускай зямлі. Таму літаратурны вечар меў асветніцкі характар. Прычым кніга гэта рэдкая: у бібліятэцы нашага ўніверсітэта ўсяго 2 экзэмпляры.


Падтрымлівалі атмасферу з фантастычных апавяданняў ілюстрацыі міфалагічных істот з кнігі «Чароўны свет. З беларускіх міфаў паданняў і казак», зробленыя мастаком Валерыем Слаўкам.

На думку ўдзельнікаў вечара, нялёгкі для ўспрымання беларускамоўны тэкст «Шляхціца Завальні» якраз падышоў для павольных - удумлівых - чытанняў.

Наступныя сумесныя чытанні плануюць правесці восенню. Для выбару разглядаюцца творы Антона Чэхава і Янкі Купалы. Магчыма, новаўвядзеннем стануць элементы тэатралізацыі, якімі дапоўняць чытанні.


Падрыхтавана рэдактарам газеты «Імпульс» Віталіем Бабічам

Назад