Белорусский Государственный Университет  Информатики и Радиоэлектроники
БГУИР
BSUIR

4 учебная неделя

Новости

Спорт и досуг
02.06.2022

Студэнты БДУІР сустрэліся з турыстам-аматарам вандровак на ровары па Беларусі

Валанцёрская група Sporters арганізавала сустрэчу студэнтаў першага курса факультэта інфакамунікацый БДУІР з турыстам-аматарам Аляксандрам Канавалавым, які вандруе на ровары па роднай Беларусі. Мерапрыемства прайшло ў рамках Рэспубліканскага тыдня турызму і краязнаўства для дзяцей і моладзі, які праходзіў з 20 па 27 мая. Акцыя прысвечана Году гістарычнай памяці і накіравана на актывізацыю турыстычна-краязнаўчай і экскурсійнай дзейнасці сярод навучэнцаў, фарміраванне ў іх духоўных і маральных каштоўнасцей, грамадзянскасці і патрыятызму.

Адказнымі за сустрэчу былі валанцёры Kсенія Кажамякіна, Фёдар Скарнякоў і Арцём Іваноў.

З 2016 года Аляксандр Канавалаў на пенсіі, да гэтага часу працаваў выкладчыкам у Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. Валанцёры групы Sporters пазнаёміліся з Аляксандрам Міхайлавічам на XVIII Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці моладзі.

Аляксандр Канавалаў расказаў студэнтам пра тое, як лёгка і цікава можна падарожнічаць па Беларусі на ровары, якім чынам ён складае свае маршруты для вандровак, паказаў знаходкі з экспедыцый, прапанаваў студэнтам прайсці аўтарскі краязнаўчы тэст. Таксама госць распавёў пра артыкул "Павага да маці. Як спраўдзіць мару Драздовіча?" (газета "Звязда"), які выйшаў пасля яго інтэрв’ю з карэспандэнткай газеты Аленай Дзядзюляй.
Куратар сустрэчы Ксенія Кажамякіна лічыць, што такія акцыі, як Рэспубліканскі тыдзень турызму і краязнаўства, выхоўваюць у студэнцкай моладзі пачуццё любові да Радзімы, гонару за яе знакамітых людзей, а таксама дазваляюць больш глыбока вывучыць гісторыю роднага краю і пазнаёміцца з цікавымі з турыстычнага погляду аб’ектамі рэгіёнаў.

Госць прыйшоў на сустрэчу са сшыткам для водгукаў "Матывацыйная сустрэча з Аляксандрам Канавалавым", дзе студэнт Фёдар Скарнякоў з задавальненнем падзяліўся ўражаннямі: "Сустрэча з такімі энергічнымі і ідэйнымі людзьмі заўсёды дае жаданне і сілы рабіць новае. Вывучэнне сваёй Радзімы - адна з самых мілых сэрцу спраў, і я зарадзіўся на новыя падарожжы".

Пасля гэтай сустрэчы ў студэнтаў узнікла жаданне адправіцца ў турыстычны паход. Валанцёры Sporters Мікіта Рашчупкін і Арцём Іваноў разумеюць, што пачынаць трэба з даследавання найбліжэйшай мясцовасці да Мінска, таму хлопцы заняліся распрацоўкай цікавага маршруту па прысталіччы.

Важна адзначыць, што імпрэзы, прысвечаныя Рэспубліканскаму тыдню турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі, натхнілі актыў валанцёрскай групы Sporters на развіццё ўласнага турыстычнага праекта "Вандруй па родным краі і фатаграфуй!".
Тэкст і фотаздымкі валанцёрскай групы Sporters

Назад