Белорусский Государственный Университет  Информатики и Радиоэлектроники
БГУИР
BSUIR

2 учебная неделя

Новости

Общество
22.03.2022

Хатынская трагедыя і генацыд беларускага народа падчас вайны

22 сакавіка ў Беларусі праходзяць памятныя мерапрыемствы, прысвечаныя 79-годдзю з дня Хатынскай трагедыі. БДУІРаўцы разам з усімі беларусамі ўшаноўваюць памяць загінулых суайчыннікаў.

Рэктар БДУІР Вадзім Богуш і прарэктар па выхаваўчай рабоце Дзмітрый Кузняцоў наведалі мемарыяльны комплекс "Хатынь" і ўсклалі кветкі да помніка. Прадстаўнікі моладзевых грамадскіх аб’яднанняў і студэнты БДУІР сабраліся каля манумента Перамогі і ўшанавалі памяць ахвяраў хвілінай маўчання.
Таксама 22 сакавіка ў БДУІР прайшла сустрэча студэнтаў з намеснікам кіраўніка аддзела Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь Рыгорам Мішнёвым. Гаворка вялася пра расследаванне крымінальнай справы пра генацыд беларускага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны.

"Матэрыялы следства ўжо даюць зразумець, што трагедыя беларускага народа больш маштабная, чым мы меркавалі па выніках пасляваенных даследаванняў, - адзначыў Рыгор Мішнёў. - Справа была заведзеная для таго, каб устанавіць сацыяльна-гістарычную справядлівасць, запоўніць белыя плямы гісторыі, умацаваць канстытуцыйны строй. Генацыд як адно з самых агідных злачынстваў, вядомых свету, не мае тэрміну даўнасці".
Прадстаўнік Генеральнай пракуратуры Беларусі расказаў студэнтам пра планы фашыстаў па знішчэнні беларускага народа, пра зверствы і катаванні, якія чыніліся над нашымі людзьмі. Рыгор Віктаравіч згадаў канцэнтрацыйныя лагеры, якія былі на тэрыторыі Беларусі, месцы масавых пахаванняў, агучыў колькасць спаленых і разбураных беларускіх населеных пунктаў.

Напрыканцы сустрэчы Рыгор Віктаравіч параіў студэнтам паглядзець ваенны фільм "Ідзі і глядзі". Ён адзначыў, што карціна моцна паўплывала на яго стаўленне да вайны. Фільм дазваляе напоўніцу адчуць трагедыю, якая здарылася з беларусамі.
Падрыхтавана прэс-службай БДУІР
Фота: Андрэй Сіняўскі, прэс-служба БДУІР

Назад