Святкуем Міжнародны дзень роднай мовы

Студэнты і курсанты 1 курса (групы 418104, 434501, 434502, 410901, 410902) разам са старшым выкладчыкам кафедры Наўроцкай Ірынай Валянцінаўнай далучыліся да святкавання Міжнароднага дня роднай мовы, які штогод адзначаецца 21 лютага.
На практычных занятках па дысцыпліне "Беларуская мова (прафесійная лексіка)" студэнты агучылі словы беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, што прысвяцілі шчырыя радкі роднай мове, стварылі яркія вобразы Радзімы і дбалі пра тое, каб будучыя пакаленні не забываліся на свае нацыянальныя скарбы - родны край і яго мову, культуру і літаратуру.
"Мова, прыгожае пісьменства, паэзія, музыка - сродак сувязі між душамі людзей, вышэйшы сродак" (Уладзімір Караткевіч).
"Родныя гукі... З гукаў — родныя словы...Са словаў — песні, казкі, паэмы, драмы, Жыцьцё, Радзіма, Народ" (Ніл Гілевіч).
"… занасіць толькі чужое, не развіваючы свайго … гэта значна глуміць народную душу" (Максім Багдановіч).
"Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову" (Якуб Колас).
"Не цурайцесь роднай песні ў шчасці і ў жалобе" (Янка Купала).

Свята таксама адзначылі цікавымі дакладамі, прэзентацыямі, конкурсамі і апытанкамі.
Конан Сцяпан (гр. 410901) пазнаёміў прысутных са сваім захапленнем фатаграфіяй і маляўніча прадставіў праект - серыю работ ў беларускіх строях (нацыянальных касцюмах), старанна адноўленых і па-мастацку ўпрыгожаных.
Джалілава Наргіз (гр. 410902) прапанавала аднагрупнікам узгадаць беларускую міфалогію, якая дала вытокі многім літаратурным сюжэтам, і правяла незвычайны інтэрактыўны тэст, паводле якога можна было вызначыць, хто ты з міфічных істот паводле сваіх рыс характару.
Плехава Лізавета (гр. 410902) падрыхтавала займальную віктарыну, пытанні якой датычыліся адметнасцей беларускай безэквівалентай лексікі, нацыянальнай культуры, традыцый, выбітных асобаў і прыродных багаццяў Беларусі.
Студэнты выступілі таксама з пазнавальнымі паведамленнямі пра беларускія гарады, вёскі і мястэчкі - сваю малую Радзіму. З захапленнем выступоўцы знаёмілі слухачоў з гісторыямі назваў сваіх родных мясцін, іх гербамі, узгадвалі трагічныя моманты Вялікай Айчыннай вайны, а таксама перадавыя дасягненні сучаснасці.
Ірына Валянцінаўна таксама правяла прэзентацыю праекта "Каляндар беларускай ІТ-лексікі", рэалізаванага сумесна са студэнтамі. Выкладчыца расказала пра адметнасці выдання, якое ярка прэзентуе БДУІР як вышэйшую навучальную ўстанову, падрабязна спынілася на этапах работы над праектам і заахвоціла студэнтаў чытаць газету ўніверсітэта "Імпульс", на старонках якой у лютым прадстаўлены абноўлены макет календара і артыкул пра яго.