Міжнародны дзень роднай мовы на кафедры агульнаадукацыйных дысцыплін

21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Сёння мы згадваем пра важнасць захавання культурнай і моўнай разнастайнасці як вялікай каштоўнасці. Мы маем скарб, ганарымся ім, верым у будучыню. Выкладчыкі-беларусісты кафедры агульнаадукацыйных дысцыплін А.А. Албут, Т. П. Дапіра, І. В. Наўроцкая, М. К. Саўчык зладзілі тэматычную выставу, прымеркаваную да Міжнароднага дня роднай мовы: "З беларускай мовай на працы і ў вольны час". У атачэнні даматканых посцілак (сямейная рэліквія загадчыцы кафедры В. І. Козел) і элементаў саламянага дэкору былі паказаны як кнігі па беларускай мове, укладзеныя супрацоўнікамі кафедры, так і іншыя выданні, актуальныя ў практыцы выкладання дысцыпліны "Беларуская мова (прафесійная лексіка)". Таксама знайшлося месца для настольных гульняў на беларускай мове і пра Беларусь, за якімі цікава адпачыць пасля працы. Пярлінай выставы стаў каляндар да юбілею БДУІР з прафесійнай ІТ-лексікай на беларускай мове на кожны дзень, што падрыхтавала І. В. Наўроцкая са студэнтамі.
У вучэбных аўдыторыях Міжнародны дзень роднай мовы таксама не застаўся без увагі. Студэнты дзяліліся цікавымі прыкладамі каларытных беларускіх слоў, фразеалагізмаў, прыказак, згадвалі творы класікаў - прэцэдэнтых асоб для нашай культуры.
Як сказаў Алесь Разанаў, "кожны народ мае хаця б адзін геніяльны твор, і гэты твор - мова". Важна памятаць пра гэта не толькі раз на год.

Старшы выкладчык кафедры Наўроцкая Ірына Валянцінаўна на занятках у межах дысцыпліны "Беларуская мова (прафесійная лексіка)" правяла прэзентацыю календара ІТ-лексікі сярод студэнтаў першага курса. Каляндар падрыхтаваны на 2024 год - юбілейны для ўніверсітэта. Выданне рэалізавана дзякуючы сумеснай працы выкладчыка Ірыны Валянцінаўны разам са студэнтамі другога і трэцяга курсаў, якія бралі ўдзел у распрацоўцы макета календара, стваралі малюнкі.
Адметнасць календара ў тым, што кожнаму дню года адпавядае беларускамоўны ІТ-тэрмін, які дадаткова ілюструецца малюнкам. На святочныя дні падабраныя тэматычныя выявы. У выніку беларускія словы і словазлучэнні з галіны інфармацыйных тэхналогій атрымліваюць візуальную падтрымку і становяцца больш цікавымі і запамінальнымі для чытача.
Студэнты на занятках з цікавасцю пазнаеміліся з календаром, заахвоціліся да актыўнага выкарыстання беларускай ІТ-тэрміналогіі, а таксама даведаліся пра праекты, якія рыхтуюцца на кафедры агульнаадукацыйных дысцыплін.
Арыгінальна адсвяткаваць Дзень роднай мовы і творча далучыцца да святкавання юбілею ўніверсітэта дапамаглі студэнты-стваральнікі календара: Каранеўскі Максім Ігаравіч (262901 ФІБ), Шаўчэнка Аляксей Сяргеевіч (124403 ФІТіК), Новікава Кацярына Сяргееўна (124403 ФІТіК), Вішнявецкі Арсеній Алегавіч (261401 ФІБ), Краўчанка Кацярына Дзмітрыеўна (261402 ФІБ), Рабілка Цімур Маркавіч (221701, ФІТіК).