Издается с сентября 1985 г.

con BSUIR

BSUIR

BSUIR

Вялікая Перамога ў нашай памяці жыве

Вельмі цяжкія выпрабаванні выпалі на долю беларускага народа ў гады Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, самых шматахвярных за ўсю гісторыю чалавечай цывілізацыі. Нягледзячы на ўсе складанасці ваеннага ліхалецця, беларусы не скарыліся германскім агрэсарам, яны прадэманстравалі свае лепшыя чалавечыя якасці: годнасць і высакароднасць, мужнасць і самаадданасць Радзіме, вернасць воінскаму абавязку і самаахвярнасць у барацьбе за свабоду і незалежнасць Бацькаўшчыны. Беларускі народ унёс значны ўклад у разгром германскіх агрэсараў, у агульную барацьбу савецкіх людзей з германскім нацызмам. І сёння для нас, беларусаў, памяць аб Вялікай Айчыннай вайне з’яўляецца свяшчэннай. Значную работу па фарміраванні пачуцця гістарычнай памяці ў працэсе патрыятычнага выхавання моладзі праводзяць выкладчыкі кафедры гуманітарных дысцыплін нашага універсітэта: па радыё, на тэлебачанні, у рэспубліканскім перыядычным друку, на канферэнцыях, у працоўных калектывах гучаць дакладныя гістарычныя факты пра падзеі часоў Вялікай Айчыннай вайны. Штогод на першым курсе чытаюцца лекцыі, праводзяцца семінары і гутаркі па пытаннях Вялікай Айчыннай вайны, арганізоўваюцца экскурсіі ў музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Пад навуковым кіраўніцтвам выкладчыкаў кафедры студэнты выступаюць з дакладамі адпаведнай тэматыкі на традыцыйнай ў нашай вну навуковай канферэнцыі аспірантаў, магістрантаў і студэнтаў. Вось і ў мінулым годзе студэнты А. Веразубаў (гр. 841201), С. Семянюта (гр.851003), Г. Носаў (гр. 851004), А. Майораў (гр.830801) і А. Корсакаў (гр. 852002) прынялі ўдзел у Міжнароднай навуковай студэнцкай канферэнцыі, прысвечанай 65-ай гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якая праходзіла ў Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту г. Гомеля. 17 лістапада 2009 г. выкладчыкамі кафедры была праведзена канферэнцыя, якая стала першым турам VI Рэспубліканскага конкурса творчых работ студэнтаў па сацыяльна-гуманітарным навукам "Вялікая Перамога ў нашай памяці жыве". Перад удзельнікамі канферэнцыі выступіў Яўген Васільевіч Мікульчык - старшыня Беларускага саюза афіцэраў, генерал-лейтэнант, ветэран Вялікай Айчынай вайны. Асабліва цікавымі на канферэнцыі былі выступленні А. Вашурава і А. Сцепаньковай (гр.610201), А.Рудкоўскай (гр.810202), А. Корсакава (гр. 852002). Уразіла выступленне студэнта Я.Вакульчыка (гр. 951005). На аснове навукова-папулярнай, даведчай, вучэбнай, мемуарнай літаратуры аўтар паказаў, што бітва за Беларусь з’яўляецца адной з найбуйнейшых не толькі ў Вялікай Айчыннай вайне, але і ва ўсёй Другой сусветнай вайне. Усе студэнцкія работы былі рэкамендаваны на VI Рэспубліканскі конкурс творчых работ студэнтаў па сацыяльна-гуманітарных навуках.