Издается с сентября 1985 г.

con BSUIR

BSUIR

BSUIR

Натхненне заўсёды побач…

Неабдымнасць беларускіх краявідаў, казачна заснежаныя ўзлескі, ускрайкі вёсачак і кветкі, кветкі, кветкі… Усё гэта дыхае свежасцю і імпрэсіяй з карцін Валянціны Аляксееўны Ранцэвіч, выкладчыка кафедры вышэйшай матэматыкі БДУІР. Як у гэтай чароўнай жанчыне спалучаюцца фізік і лірык - загадка.
Магчыма, прычыны тояцца ў маленстве, якое прайшло на ўлонні прыроды на Віцебшчыне, у памяці, якая захавала размовы бацькоў са знакамітым беларускім мастаком - Язэпам Драздовічам. А ўласныя здольнасці Валянціна Аляксееўна раскрывала на канцэртах, раённых і абласных аглядах мастацкай самадзейнасці, паходах і турыстычных злётах. Музы, верагодна, з самага дзяцінства былі побач з дзяўчынай, таму што яна пісала і друкавала вершы, захаплялася мастацтвам, з нецярпеннем чакаючы новых выпускаў часопісаў «Огонек» і «Беларусь» з рэпрадукцыямі карцін. Пра ўласную творчасць тады можна было толькі марыць. Але мары здзяйсняюцца! Аднак перш, чым гэта адбылося, Валянціна Аляксееўна скончыла матэматычны факультэт БДУ, аспірантуру, працавала ў інстытуце матэматыкі АН РБ, у БНТУ, з 1988 г. - дацэнт кафедры вышэйшай матэматыкі БДУІР.
А самы пачатак 2000 года стаў і пачаткам творчай біяграфіі Валянціны Аляксееўны як мастака. Сын падарыў любімай маці фарбы і пэндзлі, і далекая мара дзяцінства пачала здзяйсняцца. Першыя карціны адразу спадабаліся сям’і, а падтрымка родных - найлепшы стымул для творчасці. Безумоўнае адабрэнне мастачка атрымала і на творчых выставах супрацоўнікаў універсітэта, на гарадской выставе ў Палацы мастацтваў. А нядаўна адбылася персанальная выстава "Молитва земной красоте" ў галерэі «VILNIUS», на якой прысутнічалі заслужаныя мастакі рэспублікі, калегі, сябры. Водгукі былі адназначна добрыя. І гэта не дзіўна! На дзесятках карцін ажываюць прасцягі малой радзімы, квітнеюць суквецці чаромхі, россыпам чырванеюць цюльпаны, напаўняюць элегічным смуткам купкі касачоў… А да выявы бэзу проста хочацца наблізіцца, таму што ствараецца ўражанне, што зблізу можна адчуць яго чароўны водар.
Здаецца, што на гэтую працу неабходна безліч часу і натхнення, і на пытанне, дзе іх узяць, Валянціна Аляксееўна проста адказвае: «Я хачу выявіць усё, што мяне захапляе ў прыродзе, узбагачае мой унутраны свет, што хвалюе ўсё жыццё, пачынаючы з дзіцячых гадоў. Прыгажосць і непаўторнасць кожнай кветкі, кожнага дрэва, кожнага ўсходу і заходу сонца - гэта незгасальная крыніца натхнення. Жаданне перадаць свае адносіны, сваё бачанне гэтай навакольнай прыгажосці дазваляюць знаходзіць вольныя хвіліны для напісання карцін. Для мяне вельмі важна пакінуць гэтыя цудоўныя імгненні і звярнуць на іх увагу сваіх родных, сяброў і знаёмых». І блізкія людзі гэта цэняць, многія маюць карціны Валянціны Ранцэвіч ў сваіх калекцыях. І усе без выключэння зусім нядаўна выказвалі ёй шчырыя пажаданні ў сувязі з юбілеем.
Мы далучаемся да віншаванняў і жадаем плёну ў рабоце і бесперапыннага натхнення у творчасці. Валянціна Аляксееўна, няхай Ваша душа, як птушка, не стоміцца сягаць у бяздонне нябёсаў. Так, як у Вашым вершы:

Я птушкай у думках увысь узлятаю
Над роднай мясцінай і штосьці шукаю.
Мо голас матулі, мо плёскат той хвалі,
Што човен штурхае, мо тое,
Чаго і сама не ўяўляю…

Алёна ШАРАПА,
прэс-служба